Мінск: да 525-годдзя атрымання Магдэбургскага права

Значныя змены ў грамадска-палітычным і культурным жыцці беларускага грамадства ў XV–XVII стст. звязаны з атрыманнем гарадамі Вялікага Княства Літоўскага магдэбургскага права i стварэннем уласнага iнстытута самакiравання – радаў i лаваў, якiя складалі супольны выбарны адміністратыўны і судовы орган – магiстрат. Мінск атрымаў магдэбурскае права згодна з прывілеем вялікага князя літоўскага Аляксандра ад 21 (або 14) сакавіка 1499 г., што быў выдадзены ў Вільні. Гэтую дату можна лічыць пачатковым пунктам новага этапа ў жыцці горада.

Изображение
Прывілей вялікага князя літоўскага Аляксандра гораду Менску на Магдэбургскае права. 21 (14) сакавіка 1499 г.
Изображение
Панарама горада Мінска. Фрагмент карты 1772 г.
 

Згодна з магдэбурскім правам гарады атрымлівалі не толькі права на самакіраванне і землеўладанне, а і судовы імунітэт, льготы ў рамеснай і гандлёвай дзейнасці, падатковыя льготы. Праводзілася ўпарадкаванне ў сферы выбараў кіраўніцтва горада. Уніфікаваліся нормы цывільнага і крымінальнага права ў гарадах, судовай і гандлёвай дзейнасці, падаткаабкладання, вытворчасці рамесных цэхаў і купецкіх аб’яднанняў.

Магiстрат з’яўляўся судова-адмiнiстрацыйнай установай, таму яго дзейнасць спалучала разгляд крымiнальных, грамадзянскiх, адмiнiстрацыйных спраў, што адлюстравана ў актавых кнiгах, дзе актыкавалiся (атрымлівалі юрыдычную сiлу) як дакументы натарыяльнага (тастаменты, дарэнні, куплі i г. д.), гаспадарча-фiнансавага (iнвентары, рэестры, рахункi, тарыфы), дзяржаўныя (прывiлеi, унiверсалы, iнструкцыi, пастановы) i прыватныя лiсты, так i судовага характару (дэкрэты, скаргi, позвы, iнтрамiсii, сазнаннi i г. д.).

Прывілеем на магдэбурскае права, дадзеным Мінску ў 1499 г., прадугледжвалася вызваленне горада ад падвод і варты, за выключэннем выпадкаў, калі гэта было неабходна для дзяржаўных патрэб. У дзяржаўны скарб належала ўносіць штогадова па 60 коп грошай на Вялікдзень, што давала магчымасць мяшчанам зарабляць больш грошаў, уносячы фіксаваны падатак. Таксама ўніфікаваліся сістэмы вагі ў гандлёвых стасунках, што, безумоўна, спрыяла эканамічнаму развіццю горада. Кіраванне горадам цяпер ажыццяўлялі дванаццаць радцаў, якія разам з войтам павінны былі са свайго асяродку абіраць кожны год двух бурмістраў. У пацвярджальных прывілеях XVI–XVII ст. на магдэбурскае права і іншыя вольнасці надалей пашыраліся правы мінскіх гараджан. З цягам часу адбывалася далейшая рэгламентацыя ў арганізацыі кіравання горадам. На чале мяшчанскай грамады станавіўся войт, які прызначаўся на пасаду асабіста вялікім князем. У абавязкі войта уваходзіла агульнае кіраванне судова-адміністрацыйнай і фінансавай дзейнасцю горада. Ён узначальваў войтаўска-лаўніцкі суд, які павінен быў разглядаць крымінальныя справы, а часам і аб’яднаны суд сумесна з радай, які функцыянаваў у Мінску. Пастаяннае знаходжанне ў горадзе самога войта, які мог займаць шэраг іншых і больш значных пасадаў, было немагчымым і неабавязковым. Таму вельмі часта ён прызначаў замест сябе намесніка – лентвойта, які часам быў менскім мешчанінам.

Изображение
Карта, на якой пазначана частка плана горада Мінска. 25 мая 1752 г. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі
Изображение
Галоўны фасад будынка ратушы ў Мінску. Архітэктар Ф. Крамер. 1800 г.  Расійскі дзяржаўны ваенна-гістарычны архіў
 

Магістрат (або рада месцкая), згодна з магдэбурскім прывілеем 1499 г., быў падзелены на дзве часткі: войтаўска-лаўніцкі (лава) і бурмістраўска-радзецкі (рада) суды. Першы звычайна складаўся з двух або чатырох лаўнікаў на чале з войтам і павінен была разглядаць у асноўным крымінальныя справы. Яго пасяджэнні павінны былі праходзіць пад кіраўніцтвам войта, але часцей за ўсе імі кіраваў лентвойт. У другую частку ўраду (раду) уваходзілі два бурмістры і два радцы, якія займаліся шырокім спектрам пытанняў гарадскога самакіравання – ад адміністрацыйна-фінансавых да натарыяльна-судовых. Акрамя вышэй адзначаных асобаў пры магістраце абіраліся шафары, якія займаліся гарадскімі фінансамі, а ў канцы года павінны былі рабіць падрабязную справаздачу перад усім магістратам.

Вельмі істотнае месца займалі ў магістраце пісары. Фактычна яны з’яўляліся кіраўнікамі гарадской канцылярыі і архіва. Пад іх кіраўніцтвам вялося ўсё гарадское справаводства, актыкаваліся і выдаваліся дакументы. У справах канцылярыі і гарадскога архіву пісару часам дапамагаў адзін архівіст прысяглы, а таксама адзін з радцаў. У фінансавых справах ім з дазвалення войта павінен быў дапамагаць адзін з бурмістраў.  

У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захоўваюцца актавыя кнігі, пратаколы, рэестры і іншых дакументы Мінскага магістрата з 1663 па 1795 гг., а таксама дакументы Мінскага гарадавога магістрата перыяду Расійскай імперыі.

Пасяджэннi магістрата праходзiлi ў адмысловым будынку – ратушы, якая звычайна знаходзілася на галоўнай рыначнай плошчы горада і адначасова з’яўлялася сімвалам гарадскога самакіравання. Першыя звесткі пра будынак ратушы ў Мінску адносяцца да 1499 г. У вялікакняжацкім прывілеі ёсць указанне, што мінскія жыхары «…на местьцу годно мають справити ратуш, под которым жо будуть мети крамницу и клетки хлебные и комору пострыгальную». Дзе першапачаткова знаходзілася рэзідэнцыя мінскага гарадскога магістрата ў пачатку XVI ст., невядома. Першыя звесткі пра спробу будаўніцтва ратушы датуюцца 1539 г., калі жыхары горада нарыхтавалі дрэва на яе пабудову ў Прылепскай пушчы: «срубили в митрополичьей пуще свою ратушу». У прывілеях 1552 і 1569 гг. зноў нагадваецца пра неабходнасць будаўніцтва ратушы ў Мінску. Першая вядомая згадка ў пісьмовых крыніцах пра існаванне ў Мінску будынка ратушы адносіцца да 1582 г., калі адзін з падданых маёнтка Гарадзец быў пасаджаны ў турму, якая знаходзілася ў ратушы, але, на жаль, невядома, у якой частцы горада стаяла гэтая пабудова.

У 1547 г. падчас вялікага пажару была знішчана амаль ўся гарадская забудова. Менавіта тады цэнтр горада з Траецкай гары быў перанесены на вольнае месца, якое значна ўзвышалася і панавала над сярэднявечнай часткай Мінска. Тут пачала фарміравацца новая гандлёвая плошча, якая атрымала назву Новы Рынак (у другой палове XVIII ст. гэта плошча атрымала назву Высокі Рынак, з 1866 па 1917 гг. плошча называлася Саборнай, пасля 1917 г. – плошча Свабоды). Фактычна тут ствараўся новы горад эпохі Рэнесансу, які меў свой вобраз і своеасаблівы архітэктурны ансамбль. Цэнтрам кампазіцыі новага горада павінна была стаць вялікая прамавугольная плошча, план якой быў зроблены на падставе ідэі так званага ідэальнага горада. На гэту плошчу павінны былі выходзіць асноўныя гарадскія вуліцы.

Изображение
Від на ратушу ў Мінску. Малюнак невядомага мастака. Пачатак ХІХ ст.
Изображение
Высокі Рынак у Мінску. Акварэль мастака Ю. Пешкі. Каля 1810 г.
 

У канцы XVI – пачатку XVII ст. пачынае фарміравацца арыгінальны архітэктуры ансамбль новай плошчы. Менавіта ў яе цэнтры і была ўзведзена новая гарадская ратуша і гасціны двор. На ўсходнім баку будуюцца кляштары – мужчынскі і жаночы бернардынскія, базыльянскія манастыры са Святадухаўскай царквой. У паўднёва-усходнім баку – дамініканскі касцёл і кляштар. Заходні бок займае кальвінскі збор і мураваны палац мінскага мешчаніна Ягора Гегера, у каторым у сярэдзіне XVII ст. была змешчана місія езуітаў, якая ў XVIIІ ст. атрымала статус калегіума. На паўднёвым і паўночным баках плошчы з’явіліся драўляныя і мураваныя жылыя дамы мяшчан і розныя гандлёвыя пабудовы, а таксама «палацы» заможнай шляхты, у тым ліку палац Радзівілаў.

Вядучым кампазіцыйным элементам ансамбля новай рыначнай плошчы становіцца будынак ратушы. Аб гэтым выразна сведчаць планы Мінска, што былі складзены ў канцы XVIIІ стагоддзя.

Першыя рэальныя звесткі пра будаўніцтва на гэтым месцы ратушы (што было падтрымана каралём і вялікім князем Жыгімонтам III Вазам), датуюцца 1591 г. У прывілеі за гэты год гаворыцца: «а особъливе з ласки нашое гдръское на ратуш, который они теперь збудовати хочуть, а възглядом накладу их и подъможенья на тот ратушъ, для доброго местьского, корчму от капъщизны и от всяких платов вольную надали и листом нашим то им утвердили». Дакументы сведчаць, што будаўніцтва новай гарадской ратушы было скончана да 1600 г. У прыватнасці пра яе гаворыцца як пра новазбудаваную: «[ратуш] ку оздобе места на рынку збудаваный». Вельмі істотна, што ў гэты час у Мінску з’явіўся першы гарадскі гадзіннік, які ўпрыгожваў верхавіну ратушы, і які даглядаў «зэгармістр» Мікіта.

Пачынаючы з канца XVI ст., у шматлікіх дакументах аб ратушы гаворыцца як аб будынку, які рэальна стаяў на плошчы. Так, у 1598 г. згадваецца «царква ў сярэдзіне Рынка побоч з ратушай», а ў 1617 г. – «пляц в Рынку против ратушы лежачый». У 1640 г. падчас пажару будынак быў моцна пашкоджаны. Вядома, што «згарэла ў Мінску ратуша з кнігамі Магдэбургіі і цэлы рынак».

Будынак ратушы моцна пацярпеў у вайну Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай 1654–1667 гг. Маскоўскі ваявода Васіль Якаўлеў у адным са сваіх данясенняў цару Аляксею Міхайлавічу ў 1656 г. назваў будынак мінскай ратушы «літоўскай судовай ізбой, у якой была турма», і што ратуша «добре велика каменная».

Аднак у другой палове XVII ст. яна была зноў адбудавана і мела выразнае архітэктурнае аблічча. У 1678 г. чэшскі падарожнік Бернгард Танэр, які наведаў Мінск, пісаў: «галоўнае ўпрыгожанне плошчы – ратуша, што стаіць у цэнтры, акружаная мноствам крам».

Изображение
Мінская ратуша. Фрагмент акварэлі Ю. Пешкі. Каля 1810 г.
 

У XVIII ст. будынак ратушы прыйшоў у заняпад. У 1744 г., дзякуючы намаганням мінскага войта Станіслава Бужынскага, ён быў зноў адноўлены.

Пакуль яшчэ не знойдзены матэрыялы з выявай будынка мінскай ратушы XVII–XVIII стст., але аналіз іканаграфічнага матэрыяла, малюнкаў і чарцяжоў гэтага будынка, якія былі зроблены ў XIX ст., дае магчымасць для спробы рэканструкцыі першапачатковага выгляда гэтага гістарычнага помніка. Стары будынак ратушы меў прамавугольны план. Вежа выходзіла за плоскасць галоўнага фасада і, хутчэй за ўсё, была завершана складаным па сілуэце купалам. Менавіта такая канфігурацыя будынка ратушы і была зафіксавана на планах горада канца XVIII ст.

У 1793 г., пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай, Мінск увайшоў у склад Расійскай імперыі, і стаў цэнтрам спачатку Мінскага намесніцтва, а затым – губерні.

У канцы XVIIІ ст. будынак Мінскай ратушы быў перабудаваны ў стылі класіцызму. У студзені 1798 г. у Мінскую гарадскую думу «г-н губернский архитектор Крамер и представил […] план на таковую постройку, подписанный Его превосходительством, со сметою». Пасля гэтага гарадскія ўлады пачалі «искуплять из городских доходов материалы на перестройку ратуши, построение при оном корпусе домов с лавками». Да сакавіка таго ж года будаўнічыя матэрыялы былі нарыхтаваны і нагляд за будаўніцтвам даручаны бурмістру Казіміру Янкоўскаму.

Работы па рэканструкцыі будынка былі завершаны ў 1800 г. У канцы XVIIІ – пачатку XIX ст. у будынку ратушы, паводле праектных чарцяжоў, павінны былі размяшчацца суд, магістрат, гаўптвахта, архіў, а потым Мінская гарадская дума. У 1819 г. адбылася яшчэ адна рэканструкцыя будынка ратушы. Тады да яго паўднёва-ўсходняга фасада была прыбудавана арыгінальная мураваная агароджа, упрыгожаная ляпным дэкорам і маляўнічымі роспісамі. Адначасова быў знесены цалкам квартал гандлёвых і гаспадарчых будынкаў побач з ратушай, а на яго месцы быў створаны рэгулярны сквер.

Апошнія значныя змены ў знешнім архітэктурным абліччы будынка адбыліся паміж 1825–1835 гг., калі бакавыя порцікі ратушы былі завершаны франтонамі.

Изображение
Галоўная плошча Мінска. Акварэль мастака Г. Герасімовіча. 1839 г.
Изображение
Ратуша і сквер ў Мінску. Фрагмент акварэлі Г. Герасімовіча. 1839 г.
 

У ХІХ ст. будынак гарадской ратушы ператварыўся ў адзін з галоўных цэнтраў культурнага жыцця Мінска. У 1830-я гг. тут размяшчалася музычная школа пад кіраўніцтвам вядомага мінскага музыканта-педагога Вікенція Стэфановіча, які ў 1837 г. узначаліў Мінскі гарадскі аркестр. Гэты аркестр у святы выступаў на адкрытай галерэі другога паверха ратушы. У 1847 г. галоўная зала ратушы была прыстасавана для размяшчэння Мінскага гарадскога тэатра, інтэр’ер якога быў аформлены роспісамі мінскага жывапісца Яна Кураткевіча. З падарожных нататкаў Паўла Шпілеўскага вынікае: «ратушный театр был невелик, но довольно красиво и изящно отделан». На сцэне мінскага гарадскога тэатра працавалі таэтральныя трупы Яна Хелмікоўскага, Вінцэнта Вяржбіцкага, Войцеха Драздоўскага. Акрамя таго, тут праходзілі гастролі вядомых акцёраў.

Сучаснікі, якія траплялі ў Мінск у першай палове XIX ст., адзначалі: «будынак ратушы меў даволі прыгожы выгляд, на яе вежы знаходзіўся дзяржаўны герб». Найбольш цікавае апісанне ратушы 40-х гг. XIX ст. пакінуў мінскі краязнавец Міхаіл Гаўсман: «посредине квадрата, обрамляющего весь Высокий Рынок, воздвигнута была городская ратуша – красивое здание с обширным балконом, выходящим на губернаторский дом […]. Балкон же служил платформою для городской музыки, которая обязана была летом с 7 до 8 вечера разыгрывать разные симфонии, увертюры и пляски. Тут же возле ратуши был овальный бульвар, в два ряда окаймленный пирамидальными тополями, образующими довольно тенистую аллею. На этом бульваре, особенно в летнее время, сходились горожане с целью побеседовать друг с другом, погулять, подышать свежим воздухом и помечтать при звуке городской музыки».

Неспадзявана ў 1851 г. было прынята рашэнне аб разбурэнні будынка Мінскай гарадской ратушы. Фармальнай нагодай для знішчэння стала тое, што ратуша «занимая собой часть главной площади, стесняет ее и закрывает вид соборной церкви и вновь строящихся присутственных мест». На самой справе падставай для зруйнавання будынку з’яўлялася тое, што «она [ратуша] своим существованием напоминала жителям об обычаях минувшего времени, о Магдебургском праве, Литовском Статуте».

Будынак ратушы быў разбураны ў 1851–1858 гг. Адначасова вырашылі знішчыць і сквер у цэнтры плошчы. З’явіўся загад «срубить вековые тополя, потому что они будут мешать войскам свободно маршировать и упражняться по бульвару, и вдруг не стало ни ратуши, ни тополей». Канчаткова будынак Мінскай гарадской ратушы быў знішчаны толькі ў верасні 1858г. Цікавыя звесткі пра гэта ёсць у дзённіку мінскага праваслаўнага архіепіскапа Міхаіла Галубовіча, які 4 верасня 1858 г. пісаў: «выканаўца абавязкаў губернатара граф Эдуард Тэадоравіч Кэлер загадзя пачаў рабіць падрыхтоўчыя захады да годнага прыёму Цара: выбрукаваў і адрамантаваў шмат брукаванак; пляц, дзе была ратуша ачысціў ад друзу, вылізаў, з пляцу на Новым Рынку зняў і закапаў дзёрн».

Адзін з апошніх малюнкаў Мінскай ратушы зрабіў бацька славутага кампазітара Станіслава Манюшкі Чэслаў Манюшка. Гэтая замалёўка Мінскай гарадской ратушы была зроблена перад самым яе разбурэннем у пачатку 50-х гг. XIX ст. і з’яўляецца апошняй графічнай фіксацыяй славутага мінскага гістарычнага і архітэктурнага помніка.

Изображение
Чарцёж вежы мінскай ратушы. Красавік 1845 г.
Изображение
Абмерныя чарцяжы будынка мінскай ратушы. 1830-я гады. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў
 

У 1988 г. быў зацверджаны праект рэгенерацыі гістарычнай забудовы Мінска. Праектам прадугледжвалася аднаўленне будынка гарадской ратушы па стане на канец XVIII ст. у стылі класіцызму.

У 2002–2003 гг. ратуша адноўлена паводле праекта архітэктара Сяргея Багласава на гістарычным месцы, вызначаным у выніку археалагічных даследаванняў. На другім паверсе, дзе раней праводзіліся пасяджэнні магістрата, запраектавана зала для пасяджэнняў і ўрачыстых прыёмаў. На першым паверсе праектам прадугледжвалася выставачная зала і экспазіцыя, прысвечаная гісторыі горада. Пры падрыхтоўцы праекта аднаўлення будынка Мінскай гарадской ратушы былі выкарыстаны архіўныя дакументы і матэрыялы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, а таксама іншых архіўных і музейных устаноў, у тым ліку тых, што знаходзяцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь.

 

Крыніцы:

Грыцкевіч А. Магдэбургскае права // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 5. Мінск, 1992. С. 5–6.

Грыцкевіч А. Магістрат // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 5. Мінск, 1992. С. 31–32.

Дружчыц В. Д. Магістрат ў беларускіх местах з майдэборскім правам у XV–XVII сталеццях. Б. м., 1929.

Денисов В. Н. Площадь Свободы в Минске. Минск, 1985.

Денисов В. Н. Старый Минск // Нёман. 1987. № 7.

Егоров Ю. А. К градостроительной истории Минска в XVII, XVIII и первой половине XIX в. // Известия АН БССР. 1955. № 3.

Смородский А. Летопись города Минска. // Памятная книжка Минской губернии на 1892 год. Минск, 1891.

Таннер Б. Описание путешествия польского посольства в Москву в 1678 году. Москва, 1891.

Янушкевіч Я. Дыярыюш з XIX ст.: дзённікі Міхала Галубовіча як гістарычная крыніца. Мінск, 2003.

Аўтары-складальнікі: 
У.М. Дзянісаў
А.Ф. Раманкевіч
Год выставы: 
2024