ІВАН ВАСІЛЬЕВІЧ РОШЧЫН: ПЕРШЫ ДЫРЭКТАР ЦДГА БССР У МІНСКУ: ЖЫЦЦЁ І ДЗЕЙНАСЦЬ

Людзі па-рознаму распараджаюцца часам, адпушчаным ім на жыцьцё. За аднолькавую колькасць пражытых гадоў хтосьці паспявае зрабіць вельмі шмат, а каму няма пра што ўспомніць.

Іван Васільевіч Рошчын пражыў свае гады годна, пакінуўшы пасля сябе добрую памяць. Ён нарадзіўся ў 1908 г. у звычайнай сялянскай сям’і, у вёсцы Віхляеўка Байчураўскага (цяпер Барысаглебскага) раёна былой Варонежскай губерні. Яго бацька Васіль Іларыёнавіч, у мінулым парабак, з 1913 г. працаваў шахцёрам у Данбасе, адкуль у 1914 г. з пачаткам Першай сусветнай вайны быў мабілізаваны ў дзеючую армію. Быў двойчы паранены, патрапіў у палон і знаходзіўся ў Балгарыі, адкуль вярнуўся ў 1921 г.

Пераехаўшы з сям’ёй у Сталінградскую вобласць, І.В. Рошчын працаваў на розных пасадах у сельгаскамуне, адслужыў два гады ў арміі ў кавалерыйскіх войсках.

Іван Васільевіч у верасні 1936 г. паступіў на рабфак Наркамата лёгкай прамысловасці ў Маскве, які скончыў у ліпені 1939 г. Потым па спецнаборы паступіў на педфак Ваенна-палітычнай акадэміі ім У.І. Леніна, які ў 1940 г. быў рэарганізаваны ў Вышэйшы ваенна-педагагічны інстытут Чырвонай арміі імя М. Калініна ў Маскве, дзе вучыўся на аддзяленні ўсеагульнай гісторыі і гісторыі міжнародных адносін.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны 3 ліпеня 1941 г. ён датэрмінова скончыў інстытут і быў накіраваны ў дзеючую армію. Іван Васільевіч прайшоў усю вайну, ваяваў спачатку на Паўночна-Заходнім, потым на 2-м Беларускім фронце. Быў чатыры разы паранены, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені, двума ордэнамі Чырвонай зоркі, ордэнам Чырвонага сцяга, медалямі СССР «За баявыя заслугі», «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Кёнігсберга», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», «ХХ гадоў перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне», «ХХХ гадоў Савецкай арміі і флота» і інш., двума польскімі медалямі – «Medal Zwycięstwa i Wolności» («Медаль перамогі і свабоды»), «Medal Za Odrę, Nysę i Bałtyk» («Медаль за Одэр, Нэйсе і Балтыку)» і чэхаславацкай «Dukelská pamětní medaile» («Дукельскі памятны медаль»). Яго ўзнагароды перададзены на захоўванне ў Музей Вялікай Айчыннай вайны.

Вайну Іван Васільевіч скончыў у траўні 1945 г. на рацэ Эльбе каля горада Торгау, удзельнічаў у сустрэчы з амерыканскімі войскамі. Гэтая сустрэча стала завяршальным этапам баявых дзеянняў узброеных сіл антыгітлераўскай кааліцыі ў Еўропе.

Адным з фотакарэспандэнтаў, якія здымалі сустрэчу, быў А.С. Шайхет, франтавы карэспандэнт, вядомы савецкі фатограф, майстар дакументальнай фатаграфіі. Частку фатаграфій ён перадаў І.В. Рошчыну, да канца 1960-х гг. яны захоўваліся ў яго сям’і. На добра захаваных фатаграфіях былі паказаны савецкія і амерыканскія афіцэры, на адваротным баку подпіс: «Сустрэча на Эльбе». У канцы 1960-х гг. ён перадаў некаторыя з іх у Валгаградскі краязнаўчы музей. Пасля яго смерці ўдава перадала астатнія здымкі і некаторыя дакументы і памятныя рэчы ў гэты ж музей. Супрацоўнікі музея сабралі аб ім дакументальны і фатаграфічны матэрыял, які зараз з’яўляецца часткай музейнай калекцыі.

Пасля вайны І.В. Рошчын застаўся ў арміі, з 1951 г. па 1956 г. служыў у Паўночнай групе савецкіх войскаў у г. Легніца (раней г. Лігніц, на захадзе Польшчы). Падчас службы ў Легніцы ён садзейнічаў перадачы ў Беларусь выратаваных кніжных фондаў.

Фашысцкімі войскамі з акупаваных краін, апрача іншых каштоўнасцей, была вывезена ў Германію вялізная колькасць грамадскіх і прыватных бібліятэк. Вялікі масіў кніг трапіў у г. Масловіцы (Польшча). Палітупраўленне Паўночнай групы войскаў паслала брыгаду з 15 чалавек, якой на працягу двух з паловай месяцаў была праведзена разборка літаратуры. Пры разборы былі выяўлены кнігі з парыжскай Тургенеўскай бібліятэкі, і большая яе частка была перавезена ў афіцэрскі клуб г. Легніца.

Іван Васільевіч ведаў пра каштоўнасць гэтых кніг. Жонка І.В. Рошчына, Я.І. Рошчына, добра знаёмая з дырэктарам Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І.Леніна І.Б. Сіманоўскім, пазнаёміла з ім мужа. І ён расказаў І.Б. Сіманоўскаму пра кнігі, якія бачыў у Доме афіцэраў у г. Легніцы і якія неабходна было ратаваць. Гаворка ішла ў першую чаргу аб той самай Тургенеўскай бібліятэцы. Так частка гэтай бібліятэкі трапіла ў Мінск.

Руская бібліятэка імя Івана Сяргеевіча Тургенева – грамадская бібліятэка ў г. Парыжы, адна са старэйшых рускамоўных бібліятэк за мяжой. Унікальная бібліятэка была створана ў г. Парыжы пры ўдзеле Івана Сяргеевіча Тургенева ў другой палове XIX ст. Ідэя яе стварэння належыць вядомаму рэвалюцыянеру-народніку Герману Лапаціну, які пражываў у эміграцыі і звярнуўся за садзейнічаннем да Тургенева, які жыў у той час у г. Парыжы. Пісьменнік арганізоўваў дабрачынныя мерапрыемствы, каб сабраць сродкі для яе адкрыцця, дапамагаў уласнымі грашыма, а таксама падараваў шмат кніг, галоўным чынам уласных твораў. Выкарыстоўваючы свае сувязі, ён дапамог атрымаць кнігі і часопісы ад іншых літаратараў.

Бібліятэка стваралася найлепшымі прадстаўнікамі рускай інтэлігенцыі ў эміграцыі. Яе каштоўнасць – унікальная: былі сабраны цэлыя аддзелы па гісторыі літаратуры, публіцыстыцы, рускай і ўсеагульнай гісторыі, сусветнаму мастацтву, аддзел навуковай літаратуры. Пасля акупацыі Францыі фонды бібліятэкі разам з многімі іншымі кнігазборамі былі вывезены ў Германію. Доўгі час лічылася, што Тургенеўская бібліятэка загінула ў 1945 г. у ваколіцах г. Берліна. Аднак сёння вядома, што значная яе частка ацалела, шмат што было вывезена на тэрыторыю Савецкага Саюза. Самая значная колькасць кніг Тургенеўкі захоўваецца ў г. Маскве, апэўная частка – у г. Мінску, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Іван Васільевіч Рошчын быў дэмабілізаваны з арміі ў званні падпалкоўніка ў 1956 г. Ён застаўся жыць з сям’ёй у г. Мінску. У 1957 г. ён быў прызначаны начальнікам Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці, а ў 1964 г. стаў першым дырэктарам Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва БССР у г. Мінску, дзе працаваў да 1968 г. У пачатку 1960-х гг. ён кіраваў будаўніцтвам першага спецыяльнага будынка для архіўных устаноў у сталіцы Савецкай Беларусі –Цэнтральнага  дзяржаўнага гістарычнага архіва БССР і Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці (вул. Казлова, 26).

Узначальвая архіўныя ўстановы, Іван Васільевіч адначасова  даследаваў архіўныя дакументы па гісторыі медыцыны, адукацыі і літаратуры дарэвалюцыйнай Беларусі, удзельнічаў у выяўленні матэрыялаў і падрыхтоўцы да выдання двух зборнікаў матэрыялаў і дакументаў у серыі «Восстание 1863 года»: «Революционный подъем в Литве и Белоруссии в 1861–1862 гг. (1964 г.); «Восстание в Литве и Белоруссии, 1863–1864 гг.» (1965 г.); «Инвентари магнатских владений Белоруссии XVII–XVIII вв. Владение Сморгонь» (1977 г.) і інш.

З 1968 да 1971 г. І.В. Рошчын з’яўляўся першым дырэктарам мемарыяльнага комплексу «Хатынь», філіяла Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Ён працаваў там у самы цяжкі для комплексу час – станаўлення мемарыялу. Будаўнічыя работы працягваліся і пасля 9 ліпеня 1969 г., калі мемарыял быў афіцыйна адкрыты. Не хапала людзей, матэрыялаў, былі вялікія арганізацыйныя цяжкасці. Вёўся пастаянны кантроль з боку ЦК КПБ, Міністэрства культуры БССР. А людзі ехалі на мэмарыял з усіх канцоў Беларусі, прыязджалі шматлікія дэлегацыі з-за мяжы…

У час працы ў Хатыні Іван Васільевіч вёў дзённік. Захаваліся два тоўстыя блакноты з амаль штодзённымі кароткімі запісамі за перыяд з 1 верасня 1969 г. па 25 ліпеня 1970 г. У іх штодзённае жыццё мемарыялу з яго праблемамі, цяжкасцямі, вырашэннем складаных гаспадарчых, будаўнічых і арганізацыйных пытанняў, сустрэчамі з рознымі людзьмі.

У 1971 г. па стане здароўя Іван Васільевіч звольніўся з музея. У 1972 г. ён паехаў на сваю радзіму наведаць сваякоў. 20 ліпеня 1972 г. ва ўзросце 63 гадоў яго не стала. Ён пахаваны ў роднай вёсцы Верхні Кардаіл Нова-Мікалаеўскага раёна Валгаградскай вобласці.

 

Публікацыі: Обзор документальных и печатных материалов по вопросам здравоохранения Белоруссии, хранящихся в Государственном архиве Минской области // Вопросы истории медицины и здравоохранения БССР: (Тез. докл. науч. конф.). Минск, 1960. С. 17–20; Имени гениального писателя: [б-ка им. Л.Н. Толстого в Минске] // Сов. Белоруссия. 1961. 12 ноября; Ценный источник по истории аграрных отношений Белоруссии (разам з П.Г. Казлоўскім) // Науч.-информ. бюллетень АУ при Совете Министров БССР. 1962. № 12 (макет); Его, Ильичево, имя: ценные архивные находки // Сов. Белоруссия. 1964. 21 июня; Общественная деятельность работников медицины дореволюционной Белоруссии // Вопросы истории медицины и здравоохранения БССР: (Материалы 2-й науч. конф.). Минск, 1965. С. 153–155; «По мере сил и возможностей…»: [Архив. материалы о лит. деятельности учителей нар. училищ Минск. губ. С прил. рапорта учителя 1-го Минск. приходского училища А.Е. Богдановича и 2-х песен, записанных им] // Неман. 1966. № 3. С. 189–191; Залпы на плошчы: да 60-годдзя першай рэвалюцыі ў Расіі // Мінская праўда. 1965. 31 кастрычніка.

Літаратура: Люшкевич А. Белорусский след «русского Парижа» // Для служебного пользования. 2003. № 1; Рошчына Т.І. Рошчын Іван Васільевіч // Архівісты Беларусі: біябібліягр. даведнік / склад. С.У. Жумар, М.Ф. Шумейка. Мінск: БелНІІДАД, 2006. С. 186–187; Рошчына Т.І. Рошчын Іван Васільевіч // Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі – скарбніца дакументальнай спадчыны, 1938–2008. Мінск: НАРБ, 2008. С. 162; Одинокова Н. Кто нас на Эльбе обнимал… // Губернские вести (Волгоград). 2011. № 5(8). С. 8–11; Одинокова Н. Встреча на Эльбе // [Волгоградский областной краеведческий музей]. Архив. Новости. 24.04.2019. Режим доступа: http://vokm134.ru/novosti/2430.html; дата доступа: 21.07.2021.

Аўтары-складальнікі: 
У.М.Дзянісаў
Т. І. Рошчына
Год выставы: 
2023