Аб удзеле ў круглым стале «Народнае адзінства: разам на вякі»

16 верасня 2022 г. у рамках акцыі «Архівы – школе» і абвешчанага ў Рэспубліцы Беларусь Года гістарычнай памяці прадстаўнікі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ўзялі ўдзел у круглым стале «Народнае адзінства: разам на вякі», які быў прысвечаны Дню народнага адзінства і прайшоў на базе Гімназіі № 5 г. Мінска імя герояў сустрэчы на Эльбе.

У рамках мерапрыемства намеснік дырэктара НГА Беларусі М.Д. Макараў распавёў настаўнікам і вучням гімназіі пра гісторыю архіўнай справы на беларускіх землях у XV–XX стст., асноўныя вехі гісторыі, склад фондаў і ўнікальныя дакументы архіва, магчымасці выкарыстання матэрыялаў, што зберагаюцца ўстановай, пры вывучэнні гісторыі сям’і.

Гімназію № 5 г. Мінска і НГА Беларусі аб’ядноўвае памяць пра падзеі 25 красавіка 1945 г., калі ў ходзе Берлінскай стратэгічнай наступальнай аперацыі савецкія войскі выйшлі да ракі Эльба і сустрэліся там з англа-амерыканскімі саюзнікамі па антыгітлераўскай кааліцыі. Непасрэдным удзельнікам сустрэчы на Эльбе быў Іван Васільевіч Рошчын – дырэктар архіва ў 1964–1968 гг. У мэтах увекавечання памяці І.В. Рошчына архівісты перадалі ў музей гімназіі яго фатаздымкі і матэрыялы аб ім.

У завяршэнні мерапрыемства М.Д. Макараў адказаў на шматлікія пытанні настаўнікаў і вучняў.

Изображение
І.В. Рошчын
Изображение
І.В.Рошчын сярод удзельнікаў сустрэчы на Эльбе