Аб правядзенні ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі дня адчыненых дзвярэй

12 верасня 2022 г. у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі прайшоў Дзень адчыненых дзвярэй, прымеркаваны да 100-годдзя архіўнай службы Беларусі, 955-годдзя г. Мінска і абвешчанага ў Рэспубліцы Беларусь Года гістарычнай памяці. У рамках мерапрыемства НГА Беларусі наведала група настаўнікаў – гісторыкаў і філолагаў – Сярэдняй школы № 27 г. Мінска.

Намеснік дырэктара НГА Беларусі М.Д. Макараў распавёў гасцям пра асноўныя вехі гісторыі і склад фондаў архіва. Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі У.М. Дзянісаў і загадчык аддзела забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў Г.М. Кутукова правялі для настаўнікаў экскурсію па фондах, падчас якой тыя атрымалі магчымасць бліжэй пазнаёміцца з асноўнымі тыпамі дакументаў, што зберагаюцца ў НГА Беларусі.

Пры правядзенні мерапрыемства работнікі архіва надалі асаблівую ўвагу абмеркаванню з настаўнікамі іх педагагічных планаў і магчымасцей выкарыстання дакументаў архіва пры іх рэалізацыі. Акцэнт быў зроблены на тое, што НГА Беларусі – адно з самых вялікіх архіўных сховішчаў у краіне, дзе захоўваецца больш за 1 мільён спраў адразу за некалькі гістарычных перыядаў. Адпаведна, тэматычнае кола дакументаў з’яўляецца вельмі шырокім, што аблягчае ўключэнне архіўнага матэрыялу ў практыку дзейнасці навучальных устаноў.

У завяршэнні мерапрыемства работнікі архіва адказалі на шматлікія пытанні гасцей.

Изображение

Изображение