Аб візіце ў Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі групы работнікаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва

5 красавіка 2023 г. у рамках мерапрыемстваў абвешчанага ў Рэспубліцы Беларусь Года міру і стварэння Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі наведала група работнікаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва на чале з намеснікам дырэктара БДАМЛМ Аленай Макаранка.

У рамках візіту калектыў НГА Беларусі перадаў гасцям завераныя копіі метрычных запісаў аб нараджэнні трох знакамітых беларускіх паэтаў: Пятра Глебкі – 6 ліпеня (23 чэрвеня) 1905 г., Максіма Танка (Яўгена Іванавіча Скурко) – 17 (4) верасня 1912 г., Фелікса Тапчэўскага – 30 (18) мая 1838 г. Са свайго боку работнікі БДАМЛМ перадалі ў навукова-даведачную бібліятэку НГА Беларусі шэраг выданняў, прысвечаных фондам архіва-музея. Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі НГА Беларусі Уладзімір Дзянісаў правёў для гасцей экскурсію па архівасховішчах, дзе азнаёміў іх з фондамі і шэрагам унікальных дакументаў НГА Беларусі.

Супрацоўніцтва паміж сабой дзяржаўных архіўных устаноў Рэспублікі Беларусь стварае вялікія магчымасці для больш грунтоўнага вывучэння дакументальный спадчыны і раскрыцця гісторыі нашай краіны. Навуковыя кантакты паміж НГА Беларусі і БДАМЛМ нясуць у сабе значны патэнцыял у галіне біяграфістыкі. БДАМЛМ зберагае фонды асабістага паходжання многіх дзеячоў беларускай культуры, а матэрыялы НГА Беларусі дазваляюць істотна ўдакладніць дэталі біяграфій гэтых людзей. У ходзе візіту дасягнута папярэдняя дамоўленасць аб удзеле БДАМЛМ у віртуальнай выставе дакументаў да 185-годдзя з дня нараджэння беларускага паэта XIX ст. Фелікса Тапчэўскага, якую НГА Беларусі рыхтуе і плануе размясціць на сваім інтэрнэт-сайце ў другой палове мая бягучага году.

У завяршэнні мерапрыемства калектыў НГА Беларусі атрымаў ад гасцей запрашэнне наведаць БДАМЛМ.

ИзображениеИзображениеИзображениеИзображениеИзображениеИзображениеИзображение

Изображение