Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі: гісторыя і сучаснасць (да 80-годдзя з дня заснавання). Частка 2.
Кожны народ мае свой нацыянальны фонд «гістарычнай памяці». Безумоўна, і наша краіна мае такі фонд у выглядзе дакументальных матэрыялаў, якія захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. За 80 гадоў свайго развіцця Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ператварыўся са звычайнай архіўнай установы абласнога маштабу ў вядучую навуковую архіўную ўстанову рэспубліканскага ўзроўню і нацыянальнага значэння.
Дакументы, якія захоўвае Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, з'яўляюцца найважнейшай часткай Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь і заўсёды адыгрывалі прыкметную ролю ў развіцці беларускай гістарычнай навукі і нашага грамадства. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі — гэта не проста архіў дакументаў, гэта скарбніца нацыянальнай памяці нашага народа.
Нягледзячы на тое, што многія дакументы былі беззваротна страчаны ў выніку войнаў і пажараў, якія пракаціліся ў розны час па беларускай зямлі, дзякуючы працы многіх пакаленняў архівістаў нам усё ж удалося захаваць той дакументальны здабытак, дзякуючы якому выразна прасочваецца шматвекавая гісторыя станаўлення і развіцця беларускай дзяржаўнасці і падтрымліваецца гістарычная сувязь часоў і падзей.
За апошнія гады нашы архівісты прымусілі гаварыць пра сябе, пра нашыя навуковыя даследаванні і выданні не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Архіў актыўна развіваецца, укараняе сучасныя архіўныя тэхналогіі, праводзіць сур'ёзную працу па вывучэнні і папулярызацыі дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Беларусі.
Цяперашняе пакаленне архівістаў сваёй штодзённай, руплівай працай працягвае слаўныя традыцыі нашых папярэднікаў у справе выканання ганаровай і адказнай місіі па захаванні для будучых пакаленняў багатай гісторыка-дакументальнай спадчыны нашай краіны.
Дзмітрый Яцэвіч, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі